Chapter 15. Пошукі

1. Акно пошуку
2. Ужываньне знакаў падстаноўкі
3. Мэтады і парамэтры пошуку
4. Паказ вынікаў пошуку
5. Фільтрацыя вынікаў пошуку ў акне рэдагаваньня

1. Акно пошуку

Адчынеце вакно пошуку і замены, націснуўшы Ctrl+F, і ўвядзеце слова або выраз, які трэба замяніць, у полі Знайсьці.

Можна таксама вылучыць слова або фразу ў панэлі рэдагаваньня, панэлі недакладных супадзеньняў або панэлі глясароў і націснуць Ctrl+F. Слова або фраза аўтаматычна зьявіцца ў полі “Знайсьці”. Можна адначасова трымаць некалькі адчыненых вокнаў пошуку, але іх варта зачыняць, калі ў іх больш няма патрэбы, каб яны не заміналі на працоўным стале.

Клікнеце па стрэлцы ў полі “Знайсьці”, каб пабачыць апошнія 10 словаў/фразаў, якія шукаліся.

Акно пошуку мае свае мэню:

  • Файл → Пошук вылучанага (Ctrl+F): вярнуць фокус у поле пошуку і вылучыць усё ягонае зьмесьціва.

  • Файл → Зачыніць (Ctrl+W): зачыніць акно пошуку (дзейнічае як Esc)

  • Праўка → Уставіць зыходны тэкст (Ctrl+Shift+I): уставіць зыходны тэкст бягучага сэгмэнта.

  • Праўка → Аднавіць зыходны тэкст (Ctrl+Shift+R): замяніць тэкст на зыходны тэкст бягучага сэгмэнта.

  • Праўка → Стварыць новы запіс глясара (Ctrl+Shift+G): дадаць новы запіс глясара.

2. Ужываньне знакаў падстаноўкі

Для дакладных пошукаў і пошукаў паводле ключавых слоў падтрымліваюцца знакі падстаноўкі “*” і “?”. Яны ўжываюцца падобным чынам як і ў праграме Word:

  • Сымбаль “*” азначае 0 або больш сымбаляў ад бягучай пазыцыі ў пэўным слове да ягонага канца. Напрыклад, фраза “бел*” супадзе са словамі “белы”, “белай” і “беларус”.

  • Сымбаль “?” прадстаўляе роўна адзін сымбаль. Напрыклад, фраза “бел?” супадзе са словам “белы”, а таксама з часткай “бела” ў слове “белай”.

Супадзеньні пры паказе будуць вылучацца паўтлустым сінім шрыфтам. Памятайце, што знакі “*” і “?” маюць адмысловае значэньне для рэгулярных выразаў, і таму са знакамі падстаноўкі, апісанымі вышэй, можна зьдзяйсьняць толькі дакладны пошук або пошук паводле ключавых словаў (гл. ніжэй).

3. Мэтады і парамэтры пошуку

Выберыце мэтад з дапамогай кнопак-пераключальнікаў. Ёсьць наступныя варыянты пошуку:

дакладны пошук

Пошук сэгмэнтаў, у якіх дакладна ўтрымліваецца паданы радок. Дакладны пошук фразы, г. зн. калі ўведзена некалькі слоў, дасьць вынік, толькі калі яны сустракаюцца менавіта ў паданай пасьлядоўнасьці. Пошук фразы “open file” дасьць вынікі для ўсіх выпадкаў, калі сустракаецца радок “open file”, але не “file opened” або “open input file”.

пошук паводле ключавых слоў

Пошук сэгмэнтаў, у якіх утрымліваюцца ўсе паданыя ключавыя словы ў якой заўгодна пасьлядоўнасьці. Выбірайце пошук паводле ключавых словаў для якой заўгодна колькасьці асобных поўных словаў у якім заўгодна парадку. OmegaT паказвае сьпіс сэгмэнтаў, у якіх утрымліваюцца ўсе паданыя словы. Пошук паводле ключавых словаў падобны варыянту “шукаць усе словы” ў Інтэрнэце, напрыклад, праз Google (апэратар AND). Такім чынам, пошук паводле ключавых словаў для “open file” выдасьць усе выпадкі радкоў “open file”, а таксама “file opened”, “open input file”, “file may not be safe to open” і да г. п.

рэгулярныя выразы

Радок пошуку будзе апрацоўвацца як рэгулярны выраз. Радок пошуку [a-zA-Z]+[öäüqwß] у прыкладзе вышэй дазволіць знайсьці словы ў перакладзе, якія ўтрымліваюць сумніўныя сымбалі для нямецкай клявіятуры. Рэгулярныя выразы — гэта магутны сродак для пошуку асобнікаў радкоў. Гл. болей у разьдзеле “Рэгулярныя выразы”.

Дадаткова да пазначаных варыянтаў можна выбраць наступнае:

  • улічваць рэгістар: робіцца пошук дакладна пазначанага радка, г. з. адрозьніваюцца малыя і вялікія літары.

  • Прабел тоесны неразрыўнаму прабелу: калі пазначана, за прабельны сымбаль у шуканым тэксьце ўважаецца або звычайны прабел, або неразрыўны прабел (\u00A).

  • у зыходным тэксьце: пошук у зыходных сэгмэнтах

  • у перакладах: пошук у сэгмэнтах перакладаў

  • у зацемках: пошук у зацемках да сэгмэнтаў

  • у камэнтарох: пошук у камэнтарох да сэгмэнтаў

  • Перакладзеныя або неперакладзеныя: пошук і ў перакладзеных, і ў неперакладзеных сэгмэнтах.

  • Перакладзеныя: пошук толькі ў перакладзеных сэгмэнтах.

  • Неперакладзеныя: пошук толькі ў неперакладзеных сэгмэнтах.

  • Паказ: усе адпаведныя сэгмэнты: калі пазначана, усе сэгмэнты будуць паказаныя адзін за адным, нават калі яны паўтараюцца некалькі разоў у дакумэньце або ў розных дакумэнтах.

  • Паказ: назвы файлаў: калі пазначана, назва файла, у якім знойдзены сэгмэнт, паказваецца над кожным вынікам.

  • Дзе шукаць: Праект: пазначце Памяць, каб у пошук была ўключаная памяць праекта (project_save.tmx file). Пазначце Файлы памяці перакладаў, каб у пошук былі ўключаныя файлы памяці перакладаў, якія знаходзяцца ў каталёгу tm. Пазначце Глясары, каб у пошук былі ўключаныя глясары, якія знаходзяцца ў каталёгу glossary.

  • Пошук у: Файлы: пошук у адзіным файле або ў каталёгу, які ўтрымлівае шэраг файлаў. Пры пошуках у файлах (у адрозьненьне ад памяці перакладаў) OmegaT абмяжоўвае пошук файламі фарматаў, якія падтрымліваюцца ў якасьці зыходных. Адпаведна, хаця OmegaT можа апрацоўваць файлы tmx, яны ня будуць уключаныя ў пошук (калі ён робіцца ў файлах).

Калі націснуць кнопку “Паказаць дадатковыя парамэтры”, можна выбраць дадатковыя парамэтры (аўтар сэгмэнта або зьменаў у перакладзе, дата перакладу, выключэньне састарэлых сэгмэнтаў і інш.). Калі пазначана “Не адрозьніваць поўна- і паўшырынныя сымбалі”, пры пошуку поўнашырынных формаў (для сымбаляў ККЯ) будуць знойдзеныя і паўшырынныя формы і наадварот.

4. Паказ вынікаў пошуку

Пасьля націсканьня кнопкі пошуку на экране ў полі пошуку зьявяцца ўсе сэгмэнты праекта, якія ўтрымліваюць уведзены радок. Паколькі OmegaT разглядае ідэнтычныя сэгмэнты як адзін, будзе бачны толькі першы ўнікальны сэгмэнт. Сэгмэнты паказваюцца ў тым парадку, у якім яны зьяўляюцца ў праекце. Перакладзеныя сэгмэнты паказваюцца з зыходным тэксьце ўверсе і перакладам унізе, неперакладзеныя сэгмэнты — толькі з зыходным тэкстам.

Па падвойным кліку на сэгмэньце ён адчыняецца ў акне рэдагаваньня, дзе яго можна зьмяніць (гэта можна рабіць і адзіным клікам, калі пазначана Аўтасынхранізацыя з акном рэдагаваньня). Затым можна вярнуцца да вакна пошуку, перайсьці да наступнага знойдзенага сэгмэнта, праверыць яго, напрыклад, на тэрміналёгію і выправіць.

У вакне пошуку для пераходу паміж сэгмэнтамі можна ўжываць звычайныя спалучэньні клявішаў (Ctrl+N, Ctrl+P).

Адначасова можна мець некалькі адкрытых вокнаў пошуку. Каб хутка зразумець, якое там зьмесьціва, дастаткова прачытаць загаловак акна, у якім утрымліваецца шуканы тэрмін.

5. Фільтрацыя вынікаў пошуку ў акне рэдагаваньня

Каб палегчыць навігацыю паміж вынікамі пошуку, можна ўжыць фільтр у акне рэдагаваньня. Націсьнеце кнопку “Фільтар” унізе, каб у вакне рэдагаваньня паказваліся толькі сэгмэнты, адпаведныя бягучаму пошуку. Паміж імі можна пераходзіць звычайным чынам, напрыклад, да наступнага (неперакладзенага) сэгмэнта, які адпавядае крытэрыям пошуку.

Заўвага:

  • Колькасьць вынікаў пошуку абмяжоўваецца 1000, і калі вы шукаеце нейкую вельмі простую фразу, то будуць паказаныя толькі 1000 вынікаў, а ня ўсе сэгмэнты, якія адпавядаюць крытэрыям пошуку.
  • У файле можа ня быць адпаведных сэгмэнтаў, і ён будзе паказаны пустым.
  • Калі пры пошуку выдаляюцца дублікаты, гэтых дублікатаў ня будзе ў вакне рэдагаваньня.

Каб зьняць фільтар, націсьнеце кнопку “Выдаліць фільтар” або перагрузеце праект.