Chapter 1. Пра OmegaT — уводзіны

1. Асноўныя зьвесткі пра OmegaT
2. Зводка разьдзелаў

1. Асноўныя зьвесткі пра OmegaT

OmegaT — шматплятформенная свабодная праграма на базе памяці перакладаў з наступнымі асноўнымі асаблівасьцямі:

  • Памяць перакладаў: OmegaT захоўвае пераклады ў файле памяці перакладаў. У той жа час праграма можа выкарыстоўваць файлы памяці ад папярэдніх перакладаў. Памяць перакладаў можа быць вельмі карыснай для перакладу зь вялікай колькасьцю паўтораў ці значна падобных фрагмэнтаў тэксту. OmegaT ужывае памяць перакладаў, праграма запамінае, як былі перакладзеныя папярэднія сэгмэнты, каб прапанаваць найпадобнейшыя да бягучага сэгмэнта.

    Гэтыя файлы таксама можа быць вельмі карыснымі, калі трэба абнавіць раней перакладзены дакумэнт. Нязьменныя сказы застануцца перакладзенымі, а абноўленыя будуць паказаныя разам са старэйшай вэрсіяй, найбольш падобнай вэрсіяй. Такім чынам будзе лягчэй апрацоўваць зьмены ў арыгінальным дакумэнце. Калі выкарыстоўваюцца раней створаныя файлы памяці перакладаў, напрыклад, атрыманыя ад бюро перакладаў ці кліента, OmegaT зможа выкарыстоўваць іх як даведку.

    OmegaT ужывае стандартны фармат TMX для захаваньня файлаў памяці перакладаў і доступу да іх, што забясьпечвае магчымасьць абмену перакладзеным матар’ялам зь іншымі праграмамі аўтаматызацыі перакладу, якія падтрымліваюць гэты фармат файла.

  • Кіраваньне тэрміналёгіяй: Кіраваньне тэрміналёгіяй важна для ўзгодненасьці перакладу. OmegaT выкарыстоўвае глясары, якія ўтрымліваюць пераклады асобных слоў ці словазлучэньняў, кшталту спрошчанага двухмоўнага слоўніка для пэўнай вобласьці. Для даведкі OmegaT паказвае гэтыя словы, калі яны трапляюцца ў бягучым сэгмэнце і знаходзяцца ў глясары.

  • Працэс перакладу: уявеце, што трэба перакласьці нейкі тэкст, ад асобнага файла да каталёга, з падкаталёгамі і файламі ў розных фарматах. Калі даць OmegaT гэтыя файлы для перакладу, праграма зробіць прагляд файлаў, якія падтрымліваюцца, паводле наладаў файлавых фільтраў, пазнае часткі тэксту ў іх, разьдзеліць буйныя фрагмэнты паводле правілаў сэгмэнтаваньня і пакажа сэгмэнты адзін за адным, каб можна было рабіць пераклад. OmegaT захоўвае пераклады ў файле памяці перакладаў і прапануе магчымыя пераклады з падобных сэгмэнтаў, запісаных у файлах памяці перакладаў. Каб пабачыць, як файлы будуць выглядаць у выніку перакладу, можна стварыць файлы перакладаў, адчыніць іх у адпаведнай праграме і праглядзець, як выглядае пераклад у канчатковым фармаце…

2. Зводка разьдзелаў

Гэтая дакумэнтацыя служыць у якасьці як падручніка, так і даведкі. Вось кароткі агляд таго, што ўтрымліваецца ў разьдзелах.

  • “Навучэцеся карыстацца OmegaT за 5 хвілін!”: гэты разьдзел служыць хуткім дапаможнікам для пачаткоўцаў і тых, хто ўжо мае досьвед працы зь іншымі праграмамі аўтаматызацыі перакладу, паказваючы поўную працэдуру ад стварэньня новага праекта да завяршэньня перакладу.

  • “Усталёўка і запуск OmegaT”: гэты разьдзел карысны для тых, хто ўпершыню пачынае карыстацца OmegaT. Ён зьмяшчае пэўныя інструкцыі наконт усталёўкі і запуску OmegaT у Windows, Mac OS X і Linux. Для дасьведчаных карыстальнікаў разьдзел апісвае рэжым каманднага радка і ягоныя магчымасьці.

  • “Інтэрфэйс карыстальніка”, “Галоўнае мэню і Спалучэньні клявішаў”: да гэтых двух разьдзелаў, відаць, спатрэбіцца зьвяртацца вельмі часта, бо яны тлумачаць інтэрфэйс карыстальніка OmegaT і функцыі, даступныя праз галоўнае мэню і спалучэньні клявішаў.

  • “Уласьцівасьці праекта”, “Файлы і каталёгі OmegaT”: праект у кантэксьце OmegaT зьяўляецца задачай, якую можна зьдзейсьніць з дапамогай OmegaT — праграмы аўтаматызацыі перакладу. У гэтым разьдзеле апісваюцца ўласьцівасьці праекта, такія як мовы крыніцы і перакладу. У другім з гэтых разьдзелаў апісваюцца розныя падкаталёгі і файлы праекта перакладу, іхнія ролі, а таксама іншыя карыстальніцкія і праграмныя файлы, зьвязаныя з OmegaT.

  • “Паводзіны поля рэдагаваньня”: кароткі разьдзел з апісаньнем наладкі рэдагаваньня падчас перакладу сэгмэнта.

  • “Праца зь нефарматаваным тэкстам” і “Праца з фарматаваным тэкстам”: гэтыя два разьдзелы тлумачаць некаторыя важныя моманты, датычныя перакладаных тэкстаў, такіх як кадоўка (у выпадку тэкставых файлаў) і праца з тэгамі (у выпадку фарматаванага тэксту).

  • “Файлы памяці перакладаў”: тлумачыць ролю розных падкаталёгаў, якія зьмяшчаюць файлы памяці перакладаў, і дае інфармацыю аб іншых важных аспэктах, датычных файлаў памяці перакладаў.

  • “Сэгмэнтаваньне”: праграмы аўтаматызацыі перакладу працуюць з тэкставымі адзінкамі, г. зв. сэгмэнтамі. У OmegaT сэгмэнты могуць быць заснаваныя на абзацах або на правілах сэгмэнтаваньня. Сэгмэнтаваньне па абзацах ужываецца нячаста, але можа быць карысным у выпадках так званых “крэатыўных” тэкстаў. Сэгмэнтаваньне на аснове правілаў звычайна тоеснае сэгмэнтаваньню па сказах. Ужываецца пэўная колькасьць набораў правілаў, а карыстальнік можа вызначыць свае, як апісана ў гэтым разьдзеле.

  • “Пошукі” і “Рэгулярныя выразы”: Пошукі ў OmegaT могуць быць найпрасьцейшымі, напрыклад, “пералічыць сэгмэнты са словам «кенгуру»”. Яны таксама могуць быць складанымі, дазваляючы, напрыклад, знайсьці сэгмэнты, дзе ёсьць два ці больш пасьлядоўных прабелаў. У гэтым выпадку карысным будзе рэгулярны выраз ^s^s+, які дазволіць знайсьці і пералічыць адпаведныя сэгмэнты. Рэгулярныя выразы таксама шырока выкарыстоўваюцца ў правілах сэгмэнтаваньня.

  • “Слоўнікі, глясары”, “Машынны пераклад”, “Праверка правапісу, LanguageTool”: OmegaT падтрымлівае шырокае выкарыстаньне слоўнікаў і глясароў. Пры наяўнасьці Інтэрнэт-злучэньня ў OmegaT можна скарыстацца з розных сэрвісаў машыннага перакладу, такіх як Google Translate і Microsoft Translator. Калі ўключана праверка правапісу, у працэсе перакладу можна выяўляць і выпраўляць артаграфічныя памылкі. Таксама можна ўжываць свабодны сродак LanguageTool для выпраўленьня распаўсюджаных граматычных і стылістычных памылак.

  • “Рознае”: разьдзел прысьвечаны іншым пытаньням, напрыклад, як пазьбегнуць страты даніх.

  • “Дадаткі” ўтрымліваюць наступную інфармацыю

    • “OmegaT у Інтэрнэце”: інфармацыя пра Інтэрнэт-рэсурсы OmegaT

    • “Мовы”: сьпіс моваў і іхніх ІСО-кодаў

    • “Спалучэньні клявішаў у рэдактары”: сьпіс спалучэньняў клявішаў, якія выкарыстоўваюцца ў рэдактары

    • “Наладка спалучэньняў клявішаў”: спалучэньні клявішаў можна наладзіць на свой густ

    • “Уводзіны ў генэратары метак і сцэнары”

    • “Камандныя праекты”

    • “Юрыдычныя заўвагі і падзякі”

  • “Паказальнік ключавых словаў”: паданы поўны паказальнік ключавых слоў, каб дапамагчы чытачу знайсьці патрэбную інфармацыю.